Sunday, November 7, 2010

Пірог з варэннем

У нас яго называюць “крышонка”. Відаць таму, што ён вельмі крохкі. Ці таму, што мае адмысловы выгляд.

Для прыгатавання такога пірага спатрэбяцца: 2 яйкі, шклянка цукру, сода, пачак маргарыну, каля 600-700 г. мукі, густое варэнне (лепш з кіслых ягад ці садавіны, ідэальна – са сліў).

Маргарын трэба загадзя растапіць і астудзіць, бо ў цеста ліць гарачым яго нельга. Яйкі расцерці з цукрам, дадаць адгашаную ў воцаце соду. Туды ж уліць растоплены маргарын, перамяшаць. Дадаючы пакрыху муку, замясіць густое цеста. Яно павінна быць эластычным і лёгка адставаць ад рук Адразу кавалачак цеста аддзяліць і пакласці ў маразілку. Астатняе раскатаць у пласт прыкладна 2-3 см, выкласці на процівень. Каб не сцякло варэнне, па краі можна зрабіць невялікі борцік. Паверхню пірага змазаць варэннем, раўнамерна яго размеркаваць. А цяпер дастаем замарожаны кавалачак цеста і на буйную тарку трэм яго проста над нашым пірагом, зноў-такі, раўнамерна пакрываючы слой варэння нацертымі кавалачкамі. Гэта рэкамендуецца рабіць перад самай адпраўкай пірага ў духоўку.

Выпякаць трэба 40-45 хвілін пры тэмпературы 220-240 градусаў.

Смачна есці!